КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв. арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш. К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас. рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт. арг-цыя), Цэнтр. нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
т. 7, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)